Сёння на базе сярэдняй школе №15 г.Віцебска імя М. Я. Чуманіхінай адбылося адкрыццё перасоўнай выставы "Беларусь непераможная", прысвечанай 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел генеральны дырэктар ААТ "Даламіт" Сяргей Мікалаевіч Саглаеў, загадчык сектара развіцця персаналу і ідэалагічнай работы ўпраўлення кадравай палітыкі і ідэалагічнай работы Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Сяргей Сяргеевіч Капранаў, дырэктар сярэдняй школы №15 г.Віцебска імя М.Я.Чуманіхінай Антаніна Уладзіміраўна Яршова, аўтар выставы Уладзімір Аляксеевіч Ліхадзедаў, а таксама працоўны калектыў ААТ "Даламіт" і навучэнцы школы.
Выстава "Беларусь непераможная" – гэта магутны візуальны аповед пра нашу Радзіму. У экспазіцыі прадстаўлены ўнікальныя фатаграфіі, якія захавалі беларускія гарады ў даваенныя гады, у часы ваенных выпрабаванняў і іх сучаснае, адноўленае аблічча. Гэта наглядная гісторыя гераічнага пераадолення, адраджэння і нязломнасці беларускага народа.
Пра экспазіцыю, ідэю і пра сам працэс стварэння распавёў яе аўтар выставы, вядомы беларускі гісторык, грамадскі дзеяч, лаўрэат прэміі Прэзідэнта "За духоўнае адраджэнне" Уладзімір Аляксеевіч Ліхадзедаў. Ён таксама прэзентаваў свае кнігі: "Беларусь адзіная", "Беларусь непераможная" і "Беларусь адзіная і непераможная".
- Асновай экспазіцыі з'яўляюцца старыя фатаграфіі, усе яны з маёй асабістай калекцыі. Дзякуючы выставе, гэтай невялікай вандроўцы ў часе, усе могуць зразумець, якія вялікія страты прынесла нашай краіне вайна, бо на выставе прадстаўлены ўсе гарады Беларусі, – растлумачыў Уладзімір Аляксеевіч.
Генеральны дырэктар ААТ "Даламіт" Сяргей Мікалаевіч Саглаеў адзначыў велізарную значнасць выставы "Беларусь непераможная" для патрыятычнага выхавання моладзі, выказаў глыбокую ўдзячнасць Уладзіміру Аляксеевічу за яго працу і перадаў у бібліятэку школы кнігі з аўтографам аўтара выставы.
- Маё глыбокае перакананне, што сёння трэба несці інфармацыю пра жахі той вайны, якая была ў 1941-1945 гады, менавіта нашым дзецям, таму што толькі ведаючы праўду пра мінулае, мы зможам пабудаваць мірную будучыню! - завяршыў Сяргей Мікалаевіч.
Адкрыццё гэтай выставы - гэта даніна памяці мінуламу і напамін пра тое, як важна шанаваць мір і незалежнасць. Гэта заклік да захавання гістарычнай памяці і ўмацавання адзінства беларускага народа!