Навіны
Памяць аб Чарнобылі: гісторыя ліквідатара Аляксандра Нікіфарава.
26.04.2026 25

Памяць аб Чарнобылі: гісторыя ліквідатара Аляксандра Нікіфарава.

26 красавіка - дата, якая стала шрамам на сэрцы цэлага пакалення. У гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС мы часта гаворым пра маштабы трагедыі, але за сухімі лічбамі статыстыкі заўсёды стаяць людзі. Звычайныя людзі, якія проста рабілі сваю працу.

Сёння раскажам аб нашым калегу, вадзіцелі аўтамабіля Нікіфараве Аляксандры Іванавічы, які без малога паўстагоддзя працуе на нашым прадпрыемстве.

Нарадзіўся Аляксандр Іванавіч у 1954 годзе ў вёсцы Асёткі Лёзненскага раёна. У 1977 году ўладкаваўся кіроўцам аўтамабіля на Даламіт . У верасні 1987 года па позве ваенкамата накіраваны на навучальныя зборы ў Веткаўскі раён Гомельскай вобласці. Удзельнічаў у зняцці забруджанага верхняга пласта глебы. У снежні пераведзены ў Хойніцкі раён, вымяраў узровень радыяцыйнага фону, дэзінфікаваў тэхніку, дамы. Вярнуўся дадому ў сакавіку 1988 году.

Успамінаючы пра пройдзены шлях, Аляксандр Іванавіч нешматслоўны: «Маладосць… Жылі ў намётах. Страшна? Не. Мусіць, таму што не разумелі маштабу. Вакол пустата, людзей няма. Толькі вайскоўцы і пажарныя. Яны рабілі сваю працу. Я - сваю».

У Дзень памяці чарнобыльскай катастрофы мы гаворым дзякуй тым, хто коштам свайго здароўя і жыцця ліквідаваў наступствы гэтай страшнай аварыі.

Возврат к списку