Сёння ў ААТ "Даламіт" генеральны дырэктар прадпрыемства, дэпутат Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў Сяргей Соглаеў правёў асабісты прыём грамадзян. У ходзе прыёму ўзнімаліся актуальныя для работнікаў і мясцовых жыхароў пытанні.
Адной з ключавых тэм стаў лёс цырульні, размешчанай у арэндаваным памяшканні інтэрната, які належыць прадпрыемству. Супрацоўнікі цырульні прыйшлі на прыём поўным складам. Жыхары мікрараёна і самі работнікі загадзя падрыхтавалі калектыўны зварот да дэпутата. У сваім лісце яны выказвалі занепакоенасць, што запатрабаваная паслуга можа быць страчана, а супрацоўнікі - застацца без працы.
Па выніках праверкі супрацоўнікамі МНС выдадзена прадпісанне аб устараненні шэрагу парушэнняў, якія патрабуюць укладання фінансавых сродкаў.
Для Сяргея Соглаева гэтае пытанне стала прынцыповым удвая: як кіраўнік прадпрыемства ён адказвае за стан прыналежных прадпрыемству памяшканняў, а як дэпутат - за камфортнае жыццё ў мікрараёне Руба. Дэталёва разабраўшыся ў сітуацыі, рашэнне было прынята: "цырульні быць!"
Узяўшы пытанне на асабісты кантроль, Сяргей Соглаеў паставіў задачу прапрацаваць план устаранення ўсіх заўваг у самыя кароткія тэрміны. «Сітуацыя развязальная. Наша задача - не проста ліквідаваць неадпаведнасці, а стварыць бяспечныя і камфортныя ўмовы як для работнікаў, так і для наведвальнікаў цырульні», - падкрэсліў Сяргей Соглаеў.
Па выніках сустрэчы майстры цырульні падзякавалі Сяргею Мікалаевічу за неабыякавасць, падтрымку і гатоўнасць вырашаць праблемы жыхароў Рубы. Замест трывогі - упэўненасць у заўтрашнім дні.