Дзякуючы двум кіраўнікам генеральнаму дырэктару ААТ "Даламіт" Саглаеву С.М. і дырэктару УП "Белндіпгорадабудаўніцтва", Хіжняку А.М., якія падтрымалі ініцыятыву моладзі, зроблены першы крок да сумеснага праекта па добраўпарадкаванні, накіраванаму на стварэнне больш камфортнага гарадскога асяроддзя ў мікрараёне.
На сустрэчу прадстаўнікоў ААТ "Даламіт" і УП "Белндіпгорадабудаўніцтва" запрошаны: намеснік старшыні Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэта Шыкшнян Павел Пятровіч, намеснік кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёна Клячын Аляксандр Алегавіч і намеснік старшыні Камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Віцебскага аблвыканкама - начальнік упраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва Протас Станіслаў Дзмітрыевіч.
Моладзевы актыў праекціроўшчыкаў (Радзівонаў Яўген, Ванцлаў Уладзіслаў, Радзівончык Варвара, Ржэвуская Ксенія і Анастасія Гарустовіч) прадставіў на агляд прэзентацыю канцэпцыі па добраўпарадкаванні парку па вуліцы Даламітавая ў мікрараёне Руба. Удзельнікі абмеркавалі ключавыя ідэі праекта і магчымыя напрамкі далейшага ўзаемадзеяння. Упэўнены, што сумесныя намаганні прынясуць выдатныя вынікі і парк ператворыцца ў сучасную, камфортную і бяспечную прастору для адпачынку і правядзення вольнага часу ўсёй сям'ёй.
- Мы не проста распрацавалі канцэпцыю - мы спадзяемся быць датычнымі да яе рэалізацыі. Усё запланавана паэтапна, з акцэнтам на захаванне ўнікальнага ландшафту, – адзначыў намеснік дырэктара УП "Белндіпгорадабудаўніцтва" Семянкевіч Дзмітрый Ігаравіч. - Спадзяемся, што кіраўніцтва ААТ "Даламіт" падтрымае праект, бо падобныя пачынанні становяцца сапраўдным пунктам росту для мікрараёна!
Рэалізацыя праекта стане яркім прыкладам паспяховага супрацоўніцтва кіраўніцтва і моладзі. Такія ініцыятывы даюць магчымасць не толькі ўдыхнуць новае жыццё ў гарадскую прастору, але і аб'яднаць маладых спецыялістаў з розных сфер вакол агульнай мэты.
– Гэты праект сапраўды вылучаецца сярод усіх, што сёння рэалізуюцца ў горадзе. Ён не шаблонны, ня тыпавы і народжаны ў дыялогу з моладдзю. Упэўнены, менавіта такія праекты ўдыхнуць у мікрараён Руба новае жыццё і зробяць яго па-сапраўднаму ўтульным і сучасным, – адзначыў намеснік старшыні Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэта Шыкшнян Павел Пятровіч.
Наперадзе яшчэ шмат працы, але ўжо зараз можна ўбачыць, як зараджаецца новы цэнтр прыцягнення ў нашым мікрараёне!